ТРЭ́ЦЯЯ ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў КІТА́І 1946—49,
вайна паміж узброенымі сіламі Камуністычнай партыі Кітая (КПК) і ўрада Кіт. Рэспублікі, які ўзначальваў Гаміньдан; заключны этап нар.-дэмакр. рэвалюцыі ў Кітаі. Пасля заканчэння Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—46 б. саюзнікі (КПК і Гаміньдан) сталі рыхтавацца да барацьбы паміж сабой. У выніку перамогі Чырв. Арміі ў савецка-японскай вайне 1945 узбр. сілы КПК захапілі шэраг раёнаў Цэнтр. Кітая і Маньчжурыю. СССР перадаў КПК зброю і тэхніку яп. Квантунскай арміі, а таксама дапамог стварэнню ў Маньчжурыі Аб’яднанай дэмакр. арміі (АДА); у выніку аб’яднання АДА і войск КПК створана Нар.-вызв. армія Кітая (НВАК). У чэрв. 1946 войскі Гаміньдана разгарнулі наступленне на раёны, якія былі пад кантролем КПК і ў сак. 1947 захапілі г. Яньань, дзе знаходзілася кіраўніцтва КПК, і пачалі наступленне ў Маньчжурыі, дзе іх войскі былі заблакіраваны. Летам 1947 у контрнаступленне перайшла НВАК і да восені 1948 разграміла войскі Гаміньдана ў Маньчжурыі, 31.1.1949 авалодала г. Пекін, 24.4.1949 — г. Нанкін. Гаміньданаўскія салдаты масава здаваліся ў палон і ўступалі ў НВАК. 21.4.1949 войскі НВАК фарсіравалі Янцзы. Да кастр. 1949 НВАК дасягнула г. Гуанчжоў. 1.10.1949 у Пекіне абвешчана Кіт. Нар. Рэспубліка, што азначала перамогу КПК у грамадз. вайне, хоць барацьба з рэшткамі гаміньданаўскіх войск працягвалася да канца 1950. Урад Кіт. Рэспублікі разам з рэшткамі сваёй арміі эвакуіраваўся на в-аў Тайвань, які да гэтага часу застаецца пад яго кантролем.
Літ.:
История Китая. 2 изд. М., 2002;
Тихвинский С.Л. Путь Китая к объединению и независимости, 1898—1949: По материалам биогр. Чжоу Эньлая. М., 1996.
В.У.Адзярыха.
т. 16, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)